АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С
(ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cр і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
т. 1, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)